Смешной стих на белорусском
Обновлено: 24.12.2024
Студэнцкія прыпеўкі
На філфаку хлопцаў мала,
Выйду замуж я наўрад,
Хоць і знаю дасканала
Я вясельны ўвесь абрад!
Па філфаку я іду -
Ружы, ўсюды ружы!
Ой, баюся, каб не стаць
К другому курсу мужам!
Не хадзіце дзеўкі замуж
За Міколу з Янкам,
А хадзіце за таго,
Хто кіруе банкам!
Мне мілёначак з філфака
Ўчора вось, што заявіў:
Калі будуць у нас дзеці,
То Мяфодзій і Кірыл.
Мне вучыцца на філфаку
Дужа падабаецца:
Вельмі многа тут дзяўчат -
Вочы разбягаюцца!
Ля кудлатае Яніны
Хлопцы ўюцца, як вужы.
Бацька сотую машыну
Прыганяе з-за мяжы.
У настаўніка Пятрова
Трэці год няма абновы.
Былы двоечнік-балбес
Змяніў трэці мерсэдэс!
Мая міла лёгка скача,
Лёгка полечку вядзе,
А за кросны сядзе – плача:
Ніткі ў бёрда не ўвядзе.
Я сядзела каля печы,
Біла мяне мама ў плечы.
Не вучыла танцаваць,
А вучыла кросны ткаць.
Касіў бацька, касіў я:
Мы касілі разам.
А прыйшла адна каза
Ды з’ела адразу.
А я бела як папера,
І ручанькі гладкі.
Я работы не рабіла
Ні ў мамкі, ні ў таткі.
Ты – Матрона, я – Тамаш.
Хадзем разам на кірмаш.
А з кірмашу – у кабачок,
Вып’ем водачкі кручок.
(кручок – народная мера вадкасці 1 л)
Каб я ведала, каб знала,
Дзе мне замужам бываць.
Пашла б я той свякроўцы
Хоць капусту паліваць.
А чаму ж у цябе, дзяўчына,
Вусны саладзенькі?
Пакрапіла маці мёдам
Для цябе, міленькі.
Давай міла сядзем разам,
Давай пагалубімся.
Усё роўна людзі кажуць,
Што з табой мілуемся.
Было топкае балота,
Цяпер сухенькі лужок.
Быў далёкі, незнаёмы –
Цяпер міленькі дружок.
Як была я мала, мала,
Калыхала мяне мама.
А як стала падрастаць,
Сталі хлопцы калыхаць.
Ты зайграй, мая гармонь,
Трыццаціладовая.
З-за цябе, мая гармонь,
Любіць чарнабровая.
Ты іграеш весяло –
Цябе хваліць усё сяло.
Цябе хваліць мая маць –
Расхарошы будзе зяць.
Ці на ліха, ці на шчасце
Я такі радзіўся.
Усе дзеўкі плакалі,
Як я ажаніўся.
Я па кладачцы ішла,
Баціначкі ляпалі.
Мяне замуж аддавалі –
Ухажоры плакалі.
А мой мілы – бізнесмен,
А я – бізнесменачка.
Цэлы год ён працаваў
На маю сукеначку.
Сон прысніўся, страшна стала
Старшыні Міколу:
Малако ў кароў прапала,
Дояць кока-колу!
Дылер з брокерам сварыўся:
- Дэмпінг клірынгу твайму!
Дзед пачуў і падзівіўся:
- Зноў сашлюць на Калыму!
Мы з суседкаю Анютай
Запасаемся валютай:
“Рускаю”, “Пшанічнаю”,
“Горкаю”, “Сталічнаю”.
Анекдоты
Характэрнае слова
- Па чым, дзядзьку, можна пазнаць беларусаў?
- Як толькі штослова скажа "ведаеце", дык гэта ўжо беларус.
Цесная галава
- Скажы, сусед, чаму гэта Кандрат, як пабываў у горадзе, дык і мовы роднае забыўся?
- А я яму і казаў: куды табе брацца ў навукі, бо ня ўспееш аднаго навучыцца, а тое, што меў, забудзешся - ажно так і выйшла.
Кемлівы
Суддзя да падсуднага:
- Чаго ж ты прыйшоў сюды з калом?
Падсудны:
- Мне адвакат мой загадаў, каб я забраў у суд "сродак сваёй абароны".
Мужык і доля
Селянін: - Думаў, што ты загінула. Куды ж ты ад мяне?
Доля: - Іду ўпрочкі, бо ты толькі п`еш гарэлку ды спіш.
У судзе
Суддзя: - Вы прызнаяце сябе вінаватым, што абразілі пана Казлоўскага, назваўшы яго дурнем?
Вінаваты: - Якая ж гэта абраза, калі ён папраўдзе дурны.
Суддзя: - Уся роўна няможна, гэта ёсць знявага асобы.
Вінаваты: - Ну, а як дурня ды назваць разумным, гэта ня будзе знявага? Гэта можна?
Суддзя: - Гэта можна.
Вінаваты: - Ой, о-ёй, пане суддзя, які ж ты разумны.
Бацька і кавалер
- Калі васпану мая дачка падабаецца, дык бяры яе без грошай.
- Гм. А ці можна зрабіць наадварот?
Тыдзень гультая
У нядзелю не працуе,
Шчыра-шчыранька святкуе;
Панядзелак спачывае
Ды нядзелю ўспамінае.
У аўторак думаць трэба,
Што рабіць, у чым патрэба.
Серадою разважае,
Дзела-працу выбірае.
У чацвер збірае сілы –
Каб не лопнулі дзе жылы.
Ловіць пятніцай ахвоту –
Заўтра пойдзе на работу.
У суботу ж падлічае,
Што рабіў дзе ды што мае.
Тыдзень п`яніцы
У нядзелю п`е, лайдачыць,
Свету божага не бачыць.
Панядзелак спіць пад плотам
І рыгае прост балотам.
У аўторак, як праспіцца, пачынае ўжо хваліцца.
Серада – ідзе пахмелле –
Выпівае для вяселля.
П`е ў чацвер без перадышкі,
Ліжа шклянкі і кілішкі
І, чакаючы нядзелькі,
Сушыць у пятніцу бутэлькі.
У суботу ж п`е, гуляе,
Бо ўжо тыдзень прапівае.
Дагадзіў
- Слухай, цыганё, ты мне прадаў сляпую кабылу.
- Во чудак! Табе ж лепей: падасі ёй салому, а яна будзе думаць, што сена.
Пунктуальны
- Міхась, куды ты бяжыш?
- На хаўтуры класнага вучыцеля, бо ён тады злуецца, калі хто спазняецца.
Перад абедам
- Ганна! Колькі разоў казаў табе: не мачы свае пальцы ў страве – брыдка есці.
- Я толькі павука выцягнула.
Абвестка
У Маладэчне прапала бабуля. Радня вельмі занепакоена. Прыкметы старой: гарбатая, без зубоў, звяглівая, уцяць можа.
Калі хто знойдзе. можа ўзяць яе да сябе – будзем дзякаваць.
Радня.
Стратэгія
- Пятрок, чаму ты выходзіш з хаты, як твая жонка пяе?
- Бо не хачу, каб суседзі падумалі, што я яе б`ю.
Рэцэпт
Доктар напісаў і падае хворай рэцэпт.
- Колькі трэба плаціць вам, пане доктар?
- 50 рублёў.
Хворая зрываецца з крэсла і ад нервовасці бегае па пакоі.
- Аддайце мне рэцэпт, – кажа доктар.
- Ці пан доктар хоча цану зменшыць?
- Не, хачу штось дапісаць на ўспакаенне васпаніных нэрваў.
Суседкі
- Нашто гэта ты трымаеш варону ў клетцы? – пытаецца адна суседка.
- Бач, – кажа другая, – людзі гавораць, што варона можа трыста гадоў пражыць, дык я хачу спраўдзіць гэта.
На следстве
Следчы суддзя робіць агляд месца, дзе быў зроблены праступак, а яго пісар запісвае ў пратакол:
". на стале знайшлі бутэльку з "зуброўкай" .
- Э, пачакайце, – кажа следчы, – трэба ж пакаштаваць, ці тут праўдзівая "зуброўка"? Гэта вельмі важна для справы.
Пакаштаваў і кажа:
- Пішыце, што "ў бутэльцы была "зуброўка".
- Не, гэта, здаецца, не зуброўка, а "пярцоўка", – кажа пісар і здорава глынуў з бутэлькі.
- Не можа быць!? – здзівіўся следчы і яшчэ раз прылажыўся да бутэлькі.
- А што, "пярцоўка", – стараўся пераканаць яго пісар і яшчэ раз глынуў са смакам.
Сціснуў плячамі следчы ды і кажа:
- Пішыце ў пратаколе, што на стале знайшлі парожнюю бутэльку і ніяк не маглі даведацца, што ў ёй было.
Не ведае
Запыталіся ў адной бабы:
- Скажы, бабулька, колькі ўжо маеш гадоў?
- Колькі гадоў? А хто яго ведае. Паненкай была 16 гадоў, замужам жыла 42 гады, удавой пражыла 7, ды ў дачкі ўжо восьмы год жыву – дык вось і рахуйце самі.
Стары і смерць
Прэ дзядок старэнькі з лесу
Дроў бярэмя, як падняць.
Чыста змучыўся, спацеўшы,
Сеў на ім адпачаваць.
Сеў ды й кажа: - Эх, пакута!
Вось прыждаў на старасць лет.
Каб хутчэй як смерць забрала
Мяне згэтуль на той свет.
Калі гляне – смерць пад бокам.
Аж затросся мой стары.
- Тут я, – кажа, – дабрадзею,
Чаго клікаў без пары.
- Дык я вось. кажу пра тое. –
Стаў старэнькі лепятаць, –
- Больш вось. каб дроў бярэмя
Мне пасобіла падняць.
Як хто кахае
Кухарка – горача.
Цукернік – соладка.
Урадовец – афіцыйна.
Гімназісты – класічна.
Доктар – смяротна.
Бамбардзір – агніста.
Кааператар – супольна.
Журналіст – сенсацыйна.
Тэолаг – набожна.
Паэт – фантастычна.
Дурань – верна.
Пісар і мужык
Пісар ішоў у ботах новых,
Аж тут лужа па дарозе.
Вось дзе гора і бяда:
Боты вымачыць шкада.
Тут мужык яму папаўся,
Шапку зняў і прывітаўся.
І просіць пісар: "Галубок,
Як дабрацца на той бок?".
Падышоў мужык да лужы -
Дагадзіць ён быў дасужы.
Узяў пісара на плечы,
Ад натугі толькі крэкча.
- Дзякуй, мой ты галубок,
За ту працу, мой браток,
Я ніколі не забуду,
Як ізноў служыць я буду!
- Хіба пан ужо ня служа? –
Запытаў мужык дасужы.
- Вось сягоння ёсць загад,
Каб я выехаў назад.
Як пачуў мужык навіну,
Кінуў пана ў лужу з спіны
Сярод самай глыбіні,
Між балотнае дрыгвы.
- Я пранёс цябе паўлужы,
Бо ня знаў, што ты ня служыш.
Як пачнеш ты зноў служыць,
Дык прыйду канчаць насіць.
Селянін рассудзіў
Сустракаюцца два паны, едучы паркай коней. Дарога была завеяная, дык паны не хочуць уступаць дарогу адзін аднаму. Стаяць на месцы, спрачаюцца; а дзеля таго, што панская кроў гарачая, дык ужо за стрэльбы хапаюцца.
Праходзіў каля іх селянін, затрымаўся дый слухае.
- Вось скажы, Даніла, – пытаецца ў яго пан, – хто павінен уступіць з дарогі?
- Вядома ж, – адказвае Даніла, – што дурню заўсёды лепей уступіць.
- Эх ты, дурань, – крычыць адзін, зварочваючы з дарогі.
- Ты сто разоў горшы дурань, – адказвае другі пан, абмінаючы першага.
Каб не Данілава мудрая рада, можа б, і панскія стрэльбы ў рабоце былі.
Нашы дзяўчаты
Як мой сусед (Тамаш завецца),
Дык бадай з усіх канцоў,
Хоць двох і то ці сабярэцца
Вялікіх гэткіх мудрацоў.
Вось дык язык! А розум маець!
На пракананне хай хто з вас
У яго што-небудзь затытае –
У момант дасць на ўсё адказ!
Сустрэў яго аднойч ля хаты
І спытаўся пры людзёх.
Скажы: "Нашто нашы дзяўчаты
Гадзіннік носяць на грудзёх?."
(І што-ж сказаў, як вам здаецца?).
А вось што ўчуў ад Тамаша:
- Усё-ж хоць што-небудзь ды б`ецца,
Там, дзе не б`ецца "ні шыша".
Вечарына
- Ну як жа было табе там на той вечарыне?
- Э. якая там вечарына? Усяго было толькі той авантуры, што тры крэслы паламалі і сем зубоў выбілі.
Пані – свіння
На кірмашу ў нейкай пані
Аляксандр свінню старгаваў.
Разняліся, як бачыш, рукамі.
Тут і грошы купец той дастаў.
- Выбачай, – раптам пані сказала.
- Парашыла. свінню не прадам.
Лепш сабе закалю я на сала.
Выбачай, мой панок, не прадам!
Аляксандр назад скіраваўся,
Адказаўшы: "Ня гневаюсь я,
Бо пры свойцы з нас кожны астаўся:
Мае грошы, а пані – свіння!"
У хмарнае надвор`е
- Што вы можаце сказаць пра сонечную сістэму?
- Сістэма – добрая, але выканаўцы – кепскія.
Паказаў на дзверы
- Запрапанаваў я вашаму каменданту хабар, дык ён мне на дзверы паказаў.
- Няўжо выгнаў?
- Не. Проста даў зразумець, што там за дзвярама могуць нас падслухаць.
Як робіцца кар`ера?
Трэба рабіць масаж спіны аж да поўнага яе схілення ўніз, да гэтага дадаць развіццё мускулаў, каб імі можна было моцна націскаць патрэбныя для гэтае аказіі спружыны; адсутнасць асабістага гонару і як найбольш апломбу.
Дзіцячая радасць
- Татка, ці ж гэта праўда, што ты запісаўся ў пажарную каманду?
- Праўда, маё дзіцятка.
- Ой, як я рад! Дык гэта цябе будуць хаваць з музыкай.
Чулая вага
- Скажы мне, Янка, няўжо я важу пяць пудоў?
- Зусім магчыма: характар у цябе вельмі цяжкі.
Папраўляецца
- Ну, як жа твая жонка, ці папраўляецца?
- Дзякую за памяць, папраўляецца: сёння ўжо два разы сварылася са мной.
Читайте также: