Максим танк стихи на белорусском

Обновлено: 24.12.2024

Свавольнай была маладая суседка:
То чуб асмяе, то характар мой зганіць,
То інапку закіне ў крапіўнік ці ў кветкі,
То кіне антонаўкай неспадзявана.

Паскардзіцца думаў — засунула браму,
Не раз памірыцца хацеў з ёю шчыра.
Збіраўся пабіць, ды так крыкнула «мама»
Што ледзь пацалункамі я ўціхамірыў.

О, колькі раз прасіў я
Назначыць мне спатканне;
О, колькі раз хацеў я
Прызнацца ёй у каханні!
Ды ўсё перашкаджалі,
Калі дзяўчыне верыць,
То павадак вясновы,
То прымаразак-шэрань.
Але і я — упарты.
I каб свайго дабіцца,
Прасіў я шчыра майстра
Зрабіць ёй завушніцы.
На гэтых завушніцах
Я напісаў закляцце —
Усё, што не сказаў ёй,
А ў чым хацеў прызнацца.
Сягоння не ўцячэ ўжо
Ад слоў маіх гарачых
Ні ў час, калі смяецца,
Спявае або плача.
Ні ў час, калі прыляжа,
Змарыўшыся, змярканнем,—
Звіняць ёй завушніцы
Ўсё пра маё каханне.

Калі сустрэў цябе я вечарам,
адчуў і радасць і трывогу,
і затрымаўся, быццам нечага
я не узяў з сабой ў дарогу.

Чаго? Кавалак хлеба чорнага,
ў якім дыміць радзімы попел,
прамень Палярнай з неба зорнага
ці жвіру з першага акопа?

He, гэта ўсё са мной, як некалі.
Аднаго толькі нехапае:
ацененых густымі вейкамі
тваіх вачэй, што сонцам ззяюць,

Усё ты гэта добра ведаеш.
Калі-ж цябе я сустракаю,
мяне — знарок ты ці нясведама –
на раздарожжы пакідаеш.

На раздарожжы, дзе віднеецца:
«Налева ці направа пойдзеш, —
пустыня прад табой рассцелецца
і век спакою ты не знойдзеш».

Ды я спакою не вымаліваў,
і не жабрак — прасіць спагады,
хоць ахапіла мяне зарава,
як лес гаручым лістападам.

Іду і сам з сябе дзіўлюся я,
як вусны, спаленыя сёння,
пра твае вочы, косы русыя,
не стогнам, але песняй звоняць.

Я спытаў чалавека,
Які прайшоў праз агонь,
І воды,
І медныя трубы:
– Что самае цяжкае
На гэтым свеце?

І ён адказаў:
– Прайсці праз вернасць.

Завяралі старэйшыя, што імі
Ўжо вырашаны праблемы
Праўды, няпраўды,
Дружбы, кахання,
Жыцця і смерці.
I я быў засумаваў,
Што мне яны
Нічога не пакінулі,
Але аднойчы, усумніўшыся
У нейкай дробнай ісціне,
Я пачаў правяраць,
I аказалася:
Усё — ад альфы да амегі —
Трэба мне вырашаць
Нанава.
I гэта быў
Мой самы шчаслівы дзень.

Ты яшчэ толькі намёк на чалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на маці;

Ты яшчэ – чвэрць чалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на дружбу;

Ты толькі – паўчалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на любоў, -

І толькі тады становішся чалавекам,
Калі ўсе могуць спадзявацца
На цябе.

Зноў сярод ніў бесканечных, шырокіх
іду, як калісь, у задуме цяпер я,
і ў небе мне звоніць блакітным, высокім
сівое птушынае пер’е.

Лірыкай восені дыхаюць далі.
У кожнага з выраем траціцца многа, —
то дні маладыя, то вуснаў каралі,
то спеў на пясчаных дарогах…

Следам глядзіш — столькі ў крыллях свабоды!
А ўсё-ж нават птушкам без болю не кінуць
чубатыя хаты, шнуры, азяроды,
лясы маёй роднай краіны.

Потную вецер палошча кашулю.
Ну што адлятаючым скажаш такога?
Мо’ крыкнуць ім толькі, каб суму не чулі:
— Ляціце. шчаслівай дарогі!

Было неба то сіняе, то ружовае,
А пад ім малая хатка рыбака…
І было, як неба, возера шырокае,
Шумела там заўсёды асака.

А ў глыбокай тоні жыў шчупак сярэбраны
З вострымі зубамі, хітры, як купец.
Паляваў не раз за ім стары дзед з сеткамі,
Толькі дарма муцячы возерную медзь.

Часам ён засядзе за ракітай з вечара
І накрыша зораў — залатых зярнят.
Думае і цешыцца: на прыманку выплывеш,
Зораў не паласаваць не уцерпіш, брат!

Ды памалу дрэмле дзед стары над возерам.
А ў глыбокай тоні слухае шчупак,
Як над сонным берагам, ноччу заварожаны,
Ціха барадаты захрапіць рыбак.

Выплыве тады ён, серабрыста кружачы,
Ціха так, каб хвалі соннай не збудзіць,
І з-пад сетак сініх вуснамі сцюдзёнымі
Пачынае зоры дзедавы лавіць.

І як толькі сонца ў барадзе сівеючай
Азалоціць першы серабрысты снег,
І як толькі вецер раніцой за пазухай
Шчакатаць мяккімі пальцамі пачне, —

Дзед прачнецца спуджаны, паглядзіць на возера —
Усе зоры выпіў, вылавіў шчупак.
З гора замахае доўгімі рукамі,
Быццам папярхнуўшыся мукой, вятрак.

Ды пачне гразіць ён, ў сеткі ублытаўшыся,
Ідучы дарогаю праз сенажаць…
А кругом гамоняць кнігаўкі і чэпікі,
Рассыпае вецер жвірам песню жаб.

І здаецца дзеду, што смяецца возера,
Ў сонцы расцвітаючы, як чырвоны мак, —
Хіліцца, хахоча асака зялёная,
Што яго, старога, ашукаў шчупак.

Я не магу вас песняй цешыць
з абмытых бурамі эстрад,
хоць меў-бы пенсію штомесяц
і спакайней-бы жыў я шмат.

І менш-бы, пэўна, чуў дакораў
багемы п’янай дзеячоў,
і панегірык вашых хворых,
і свісту купленых дзячкоў.

А так ўжо сёння я не першы,
прышоўшы змораны дамоў,
да позняй ночы мыю вершы
ад вашых пальцаў, ад слядоў.

І на крыклівы, падкалодны,
і на азефаўскі ваш гул
на’т можа ў барацьбе няроўнай
не адказаць я не магу, —

таму што на жывое слова,
што вынес я з сялянскіх хат,
сплыла крыві цяжкая капля
у міліёны тры карат.

Сярод лістоў, што ты вярнула,
Знайшоў я шмат лістоў такіх:
Напоўненых вясновым гулам,
Блакітам неба дзён былых,

Шмат слоў, якія не астылі
Ні ад дажджоў, ні ад снягоў
І не згубілі даўняй сілы,
І першага агню свайго.

Сама ты знаеш: на руінах
Былога шчасця, сноў сваіх,
Як цяжка жыць і не загінуць, —
І мо таму баішся іх.

І мо таму ты пазаўчора
Усё адаслала ў дальні край.
Лісты, лісты! Яны, як порах,
Ад сэрца іх далей трымай!

Ад гора — ўсё ў свеце няміла,
Ад шчасця — час хутка мінае,
Ад хмелю — марнуюцца сілы,
Ад славы — сяброў убывае.

Вось тут і спыніся на нечым
У гэтым жыцці, чалавеча.

Звон кафедральны кліча на Аvе.
З цесных завулкаў злева і справа
Гуртам манашкі ў чорным адзенні
Цягнуцца, быццам сумныя цені.
Тут і старыя, і маладыя, –
Аvе Mаrіа.

Я не звярнуў бы і ўвагі можа,
Ка не пабачыў між іх прыгожай
Стройнай манашкі, якая мае
Не больш, хіба, як семнаццаць маяў;
Чорныя вочы, бровы густыя, –
Аvе Mаrіа!

Нат пад жалобнай вопраткай чорнай
Ты адгадаеш: стан непакорны,
Ножкі, якімі б на карнавалах
І захапляла і чаравала,
Смуглыя рукі, грудзі тугія, –
Аvе Mаrіа!

Глядзіць набожна на крыж пятровы,
А я малюся на яе бровы:
Няўжо, красуня, ты не шкадуеш,
Што хараство і жыццё марнуеш?
Як танцавалі б ножкі такія, –
Аvе Mаrіа!

Цябе атрутаю апаілі,
Ружанцам рукі табе скруцілі.
Смялей парві ты яго, не бойся!
У полі недзе шуміць калоссе…
О, як бы жалі рукі такія, –
Аvе Mаrіа!

А потым хутка прыйшло б каханне,
Страчала б з мілым свой золак ранні.
А потым стала б ты гаспадыняй
І калыхала б сваю дзяціну!
О, як кармілі б грудзі такія, –
Аvе Mаrіа!

Не знаю, можа, мая малітва
Выйграць бы мне памагла гэту бітву,
Але пазвалі яе; манашка
Пайшла за ўсімі, ўздыхнуўшы цяжка,
Пад звоны змрочныя і глухія, –
Аvе Mаrіа!

– Ну што ж, кажы, што ў вас чуваць? –
Пачаў стары пра сенажаць,
Успомніў жыта і авёс.
А вочы. мокрыя ад сьлёз.

А потым я загаварыў:
– Нічога, год я перажыў.
Ды не адзін – сядзіць нас шмат, –
Прывыклі трохі і да крат.

Ну, як там мама і сястра?
Пара ўжо на зіму араць.
I як там кратаецца дзед?
Ім занясі ад нас прывет!

– Нічога, мы-то жыць жывём, –
Вось ты тут сохнеш за муром.
Я ў торбе сухароў прынёс, –
А вочы мокрыя ад сьлёз.

– Не плач! Мы вернемся вясной
I ў поле выйдзем грамадой,
Сустрэнем новы ўсход зары, –
Не плач і не бядуй, стары!

Вясною сьветлаю з-за крат
Зь сяўнёю, поўнаю зярнят,
Нас выйдзе шмат, як цёмны бор,
На скібы чорныя разор.

Стары, я знаю, верыць мне
I сам гаворыць аб вясьне,
Здаецца, падужэў, падрос,
Хоць вочы мокрыя ад сьлёз.

Простае шчасце людское,
Так, як і наша з табою,
Пэўна, складаецца з солі,
З хлеба, сабранага ў полі,
З поту, з дарожнага пылу,
З роднага небасхілу,
З дружбы, мацнейшай ад смерці,
З песні. І так мне здаецца:
Каб з чаго іншага скласці,
Дык ці было б яно шчасцем?

Читайте также: