Курган стих на белорусском

Обновлено: 25.12.2024

Паміж пустак, балот беларускай зямлі, На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай Дрэмле памятка дзен, што ў нябыт [1] уцяклі, - Ўдзірванелы [2] курган векавечны.

Дуб галлё распусціў каранасты над ім. Сухазелле у грудзі ўпілося; Вецер стогне над ім уздыханнем глухім, - Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.

На купалле там птушка садзіцца, пяе, У піліпаўку [3] воўк нема вые; Сонца днём распускае там косы свае, Ночкай зоры глядзяць залатыя.

Хмары неба ўсцілалі мо тысячу раз, Перуны білі з краю да краю, - Ён стаіць - гэта памяць людская, паказ. Толькі гутарка ходзіць такая.

II

На гары на крутой, на абвітай ракой, Лет назад таму сотня ці болей, Белы хорам стаяў, недаступнай сцяной Грозна, думна [4] глядзеў на прыволле.

У нагах у яго рассцілаўся абшар [5] Хвоек гонкіх і пахані чорнай, Сонных вёсак шары [6] , хат амшалых [7] , як мар, Хат з сям'ёй душ падданых, пакорных.

Князь у хораме жыў, слаўны свету ўсяму, Недаступны і грозны, як хорам; Хто хацеў, не хацеў - біў наклоны яму, Спуску, ласкі не знаў непакорам.

Зневажаў, катаваў ён з дружынай сваёй; Стражы князевы - ў полі і дома, Толькі модлы [8] раслі небу ў сэрцах людзей, І пракляцце расло пакрыёма [9] .

III

Раз бяседа [10] вялікая ў князя была: На пасад дачку княжну садзілі [11] : За сталом він заморскіх крыніца цякла, Бегла музыка ўкруг на паўмілі.

На вяселле-разгул наплыло, як на сход, Госці знатных зусюль, за паўсвету, Гэткай гучнай бяседы не номніў народ, Гэткіх скарбаў, брыльянтаў [12] , саетаў [13] .

Дзень, другі ўжо грымела у князя гульня, І музыкі, і чаркі звінелі; Выдумлялі забаў новых кожнага дня; Што хацелі - ўсяго госці мелі.

Ажно трэцяга дня князь прыдумаў адну Для дружыны пацеху-забаву: Загадаў ён пазваць гусляра [14] -старыну, Гусляра з яго ведамай славай.

IV

Акалічны народ гуслі знаў гусляра; Песня-дума за сэрца хапала; Вакол гэтай думы дудара-званара Казак дзіўных злажылась нямала.

Кажуць, толькі як выйдзе і ўдарыць як ён Па струнах з неадступнаю песняй, - Сон злятае з павек, болю цішыцца стогн, Не шумяць ясакары [15] , чарэсні;

Пушча-лес не шуміць, белка, лось не бяжыць, Салавей-птушка ў той час сціхае; Паміж вольхаў рака, як штодзень, не бурліць, Паплаўкі рыба-плотка хавае.

Прытаіцца да моху русалка, лясун, Каня [16] вечнага «піць» не заводзіць: Пад звон-песню жывучых гусляравых струн Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзіць.

V

Прывяла гусляра з яго ніўных сяліб Дворня князева ў хорам багаты: Пасадзіла на ганку, між клёнаў і ліп, На цагляным парозе магната [17] .

Невыдумная світка [18] - убор на плячах, Барада, як снег белы - такая, Незвычайны агонь у задумных вачах, На каленях ляглі гуслі-баі.

Водзіць пальцам худым па сталёвых струнах, К песні-музыцы ладзіцца, строе; Водклік б'ецца ад струн па сцюдзеных сцянах, Заміраючы ў сховах пакояў.

Вось настроіў, навёў тон у струнах як след, Не зірнуўшы на гулі ні разу, І сядзіць гэты сумны, як лунь [19] , белы дзед, І чакае ад князя прыказу.

VI

- Што ж маўчыш ты, гусляр, ніў, лясоў песнябай, Славай хат маіх подданых слаўны?! Нам сягоння зайграй, нам сваіх песень дай, - Князь умее плаціць незвычайна!

Читайте также: