Кали рана устанешь нил гилевич стихи

Обновлено: 25.12.2024

Калі рана ўстанеш –
Разам а сонцам зыркім,
Што ўсплыве над зыбкім
Вогнішчам зары, –
Колькі ты пабачыш
З’яў жыцця дзівосных,
Колькі цудаў розных
Згледзіш на двары!

Калі рана ўстанеш –
Разам з ветрам буйным,
Што абудзіць струны
Неба, дрэў, травы, –
Колькі ты пачуеш
Гукаў-зыкаў дзіўных,
Звонаў пераліўных,
Спеваў харавых!

Калі рана ўстанеш –
Разам з першай птушкай,
Што шукае тут жа
Для дзяцей яды, –
Колькі ты паспееш
Памагчы слабейшым,
Падтрымаць, суцешыць,
Выручыць з бяды!

Калі рана ўстанеш –
Разам з мамай, татам
Ды за справу-працу
Возьмешся хутчэй, –
Колькі ты пазнаеш
Радасці нясцерпнай –
Аж да песні з сэрца,
Аж да слёз з вачэй!

Калі рана ўстанеш –
Разам з сонцам яркім,
Разам з ветрам шпаркім,
Разам з белым днём, –
Сам тады, мой дружа,
Разумець ты будзеш,
Для чаго мы, людзі,
На зямлі жывём.

Читайте также: